РЭЧ ПАСПАЛІ́ТАЯ (польск. Rzecz Pospolita, Rzeczpospolita рэспубліка, агульная дзяржава, агульная справа),
1) традыцыйная назва Польскай дзяржавы, якая выражае суверэнныя адносіны народа (або класа, які прызнаны яго прадстаўніком) да дзяржавы. Упершыню тэрмін з’явіўся ў пач. 13 ст. ў хроніцы Вінцэнта Кадлубака. Шляхецкая Р.П. — прынятая ў гістарыяграфіі назва дзярж. сістэмы, што існавала ў Польшчы з сярэдзіны 15 ст. да 1795 (1-я Р.П.). Была формай саслоўнай манархіі на чале з выбарным пажыццёва каралём, уладу з якім падзяляла шляхта. Адроджаная ў 1918 Польская дзяржава 17.3.1921 прыняла афіц. назву Рэспубліка Польшча (Польская Рэч Паспалітая, Rzeczpospolita Polska, 2-я Р.П.). Назва захавалася да 1952, калі ўведзена найменне Польская Народная Рэспубліка (Polska Rzeczpospolita Ludowa) і адроджана 29.12.1989. Часам Р.П. называлася ў 15—16 ст. і Вялікае княства Літоўскае, а ў Статутах ВКЛ гэтым тэрмінам пазначаны паняцці «грамадства», «дзяржава». У 1-м раздзеле Статута ВКЛ 1588 пад тэрмінам «Р.П.» разумеліся «дзярж. справа», «дзярж. служба». У 16 ст. гэты тэрмін ужываўся ў значэнні «дзяржава».
2) Афіцыйная назва феад. федэратыўнай дзяржавы, у якую аб’ядналіся ў выніку Люблінскай уніі 1569 Польшча (Карона) і ВКЛ (Княства, або Літва). Р.П. існавала ў 1569—1795 і была ліквідавана ў выніку 3 падзелаў яе тэрыторыі. У склад Кароны ўваходзілі польскія і ўкр. ваяводствы, у ВКЛ — бел. і літ. землі. У Р.П. ўваходзіла як сумеснае ўладанне (кандамініум) Польшчы і ВКЛ Інфлянцкае ваяв (гл. Лівонія), як васальная дзяржава — Курляндскае герцагства, як непасрэднае ўладанне Р.П. — Пілтэнскі пав. (на тэр. сучаснай Латвіі). У 1525—1657 васалам Польшчы было Прускае герцагства са сталіцай у Краляўцы (Кёнігсбергу), аднак брандэнбургскім курфюрстам, якія з 1618 панавалі ў Прусіі, удалося дамагчыся яго незалежнасці.
Р.П. лічылася агульнай дзяржавай «абодвух народаў», г.зн. польскай і бел.-літ. шляхты. Кароль польскі (ён жа і вял. князь літоўскі, рускі і жамойцкі) меў абмежаваныя паўнамоцтвы. Заканадаўчую і часткова судовую ўладу меў агульны для ўсёй дзяржавы магнацка-шляхецкі сойм, які складаўся з 2 палат: Сената (з магнатаў, прадстаўнікоў цэнтр. і правінцыяльнай адміністрацыі, вярхоў каталіцкай царквы) і Пасольскай Ізбы, у якую выбіраліся шляхціцы-дэпутаты (паслы) па 2 ад кожнага павета. Прадстаўнікі Кароны складалі каля 2/3 сойма. Аднак сойм прымаў законы асобна для Польшчы, асобна для ВКЛ. З 1673 кожны трэці звычайны сойм збіраўся на тэр. ВКЛ у Гродне. Р.П. вяла агульную для Кароны і ВКЛ знешнюю палітыку. Аднак абедзве дзяржавы захоўвалі асобную дзярж. адміністрацыю (з адпаведнымі кіруючымі пасадамі), асобныя войскі са сваім камандаваннем, свае фінансавыя сістэмы, скарб, права чаканкі аднолькавай манеты, самаст. судовыя і мытныя (да 1766) сістэмы, асобнае заканадаўства. Кожная з дзяржаў мела сваю дзярж. мову: Польшча — лацінскую (з канца 16 ст. фактычна польскую), ВКЛ — беларускую (з 1696 польскую, але афіцыйныя акты на бел. мове захоўвалі сваю моц). Згодна са Статутам ВКЛ 1588 польскай шляхце забаранялася ў ВКЛ займаць дзярж. пасады любога ўзроўню, а таксама купляць, атрымліваць у спадчыну і ў падарунак нерухомую маёмасць. З сярэдзіны 17 ст. роля соймаў паменшала, у паліт. жыцці Р.П. усё большую ролю пачалі адыгрываць магнацкія групоўкі і шляхецкія саюзы (канфедэрацыі). У кіраванні ўнутр. справамі Р.П. вырасла значэнне павятовых шляхецкіх соймікаў, якім было перададзена права збіраць некаторыя падаткі і распараджацца імі. Ва ўмовах частага зрыву соймаў, асабліва ў 18 ст., соймікі прысвойвалі сабе функцыі заканад. і суд. улады, не лічыліся з пастановамі сойма. Спробы цэнтралізацыі ўлады ў Р.П. у 2-й пал. 18 ст. не ўдаліся. Канстытуцыя 3 мая 1791 з праграмай шырокіх рэформ дзярж. ладу была скасавана пасля перамогі Таргавіцкай канфедэрацыі ў 1792. Тэрыторыя Р.П. у 1772, 1793 і 1795 была падзелена паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй (гл. Першы падзел Рэчы Паспалітай, Другі падзел Рэчы Паспалітай, Трэці падзел Рэчы Паспалітай).
Літ.:
Кутшеба С. Очерк истории общественно-государственного строя Польши: Пер. с пол. СПб., 1907;
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 1. Мн., 1972;
Бардах Ю., Леснодорский., Пиетрчак М. История государства и права Польши: Пер. с пол. М., 1980;
Юхо Я Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Мн., 1992.
А.П.Грыцкевіч.
т. 14, с. 36